Сёння пачынаецца адно з самых радасных і вясёлых народных святаў — Масленічны тыдзень

. Непасрэдна Масленіцу адзначым у нядзелю, 6 сакавіка, перад Вялікім пастом, але святочным лічыцца ўвесь тыдзень перад ім.
Масленічны тыдзень умоўна падзяляюць на два перыяды. З панядзелка да серады доўжыцца Вузкая Масленіца, з чацвярга па нядзелю — Шырокая.
Галоўны звычай масленічнага панядзелка — выпяканне першага бліна. У аўторак упершыню пачыналі зазываць Масленіцу. У сераду зяць хадзіў у госці да цешчы — на бліны. З чацвярга пачыналася Шырокая Масленіца. Усе работы па хаце спыняліся, займацца гаспадаркай у бліжэйшыя дні лічылася благой прыметай.
У пятніцу ўжо зяцю было пакладзена з усімі ўшанаваннямі прыняць цешчу. Бліны да прыходу маці пякла дачка — жонка зяця. Цешча прыводзіла з сабой сябровак, каб пахваліцца перад імі, за якога добрага хлопца выдала сваю дачку.
У суботу маладыя ятроўкі надавалі ўвагу сваім залоўкам — сёстрам і сваячкам мужа. Дзяўчаты збіраліся, каб паесці, пагутарыць і папляткарыць.
Нядзеля — найважнейшы дзень усяго тыдня. Вернікі прасілі прабачэння адзін у аднаго, а ў адказ чулі «Бог даруе, і я дарую». У гэты дзень было прынята памінаць памерлых і наведваць могілкі.
Днём хадзілі ў лазню, а ўвечары збіраліся на плошчы — вядома ж, каб урачыста спаліць пудзіла Масленіцы.
У Чашніках народныя гулянні пад назвай «Шырокая масленіца» пройдуць 6 сакавіка. Месца правядзення — плошча Свабоды каля Цэнтра культуры і народнай творчасці па адрасе вул. Пралетарская, 32. Пачатак — 11.00.
Для жыхароў раёна будзе арганізавана вясёлая забаўляльная праграма з гульнямі «Пеўневыя баі», «Скокі з перашкодамі», «Кіданне мятлы», «Пакармі блінчыкам».
Арганізуецца работа выязнога святочнага гандлю, «народнага» клуба аматараў нацыянальнай кухні «Смак», выставы — продажу сувенірнай прадукцыі, спартыўныя спаборніцтвы. Канешне, адбудзецца традыцыйнае спальванне пуділа Масленіцы, каб разам з дымам развеяць няўдачы і хваробы. Прыходзьце — не пашкадуеце! Добры настрой вам будзе проста забяспечаны!