• 16.05.2022

Другі этап рэгіянальнага форуму маладых спецыялістаў прайшоў у мінулы чацвер на Чашніччыне

 Другі этап рэгіянальнага форуму маладых спецыялістаў прайшоў у мінулы чацвер на Чашніччыне

Нагадаем, што  яго арганізатарамі выступілі Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Докшыцкі, Полацкі, Чашніцкі райвыканкамы і райкам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Старт інфармацыйна-адукацыйнага марафону быў дадзены ў Полацкім раёне, другі дзень форуму прайшоў у Чашніцкім раёне, а завяршыўся форум у Докшыцкім раёне.

          Для моладзі была падрыхтавана насычаная праграма з наведваннем прамысловых прадпрыемстваў, культурных і гістарычных славутасцей, з майстар-класамі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі для абмену вопытам, а таксама адкрытымі дыялогамі з прадстаўнікамі дзяржаўных структур.

          Такім чынам, урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбылося раніцай 2 снежня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці г.Чашнікі. Сюды прыбылі каля 80 маладых людзей з 7 раёнаў Віцебскай вобласці. Удзельнікаў форуму прывітаў старшыня Чашніцкага райвыканкама Леанід Плешко.

         Леанід Уладзіміравіч адзначыў значнасць і маштабнасць мерапрыемства, якое праводзіцца, падкрэсліў, што моладзі неабходна ведаць не толькі свой рэгіён, але і суседнія раёны, і сваю краіну увогуле. Менавіта з гэтага і пачынаецца патрыятызм. Старшыня райвыканкама расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Чашніцкага раёна на дадзеным этапе.

Да маладых людзей звярнулася таксама з прывітаннем і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей Ірына Сафейчанка.

     На якіх аб’ектах Чашніцкага раёна пабывалі ў гэты дзень удзельнікі форуму?

        Экскурсія «Мае вытокі» прайшла на гісторыка-геаграфічнай пляцоўцы Чашніцкага раёна.

    Далей юнакі і дзяўчаты наведалі Новалукомльскі Палац культуры, дзе для іх была падрыхтавана выстава дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, паспрабавалі сябе ў розных майстар-класах, у тым ліку і ў творчым праекце Дома рамёстваў па саломапляценні «Чашнікі — чаша адзінства». Маладыя людзі прынялі ўдзел у народным абрадзе «Розгары» і народных варожбах.

Цікавай была экскурсія па забаўляльным цэнтры «Электрон», які на дадзены момант з’яўляецца значным сацыяльным аб’ектам раёна і прыкладам паспяховага бізнес-праекта пад кіраўніцтвам ініцыятыўнага прадпрымальніка Максіма Калініна.

         Маладыя спецыялісты Віцебскай вобласці пабывалі таксама на базе ААТ «Завод керамзітавага гравію г. Новалукомль» і Цэнтра прафілактыкі «Альтэрнатыва».

     На дыялогавай пляцоўцы падводзіліся вынікі работы форуму маладых спецыялістаў. Станоўчая  ацэнка дадзена мерапрыемству ўдзельнікамі і групай экспертаў, у склад якой увайшлі

 Ірына Сафейчанка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама,

Уладзімір Бабічаў, першы сакратар Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ»,

 Віталь Фадзееў, старшыня Новалукомскага гарвыканкама,

Галіна Авіжа, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чашніцкага райвыканкама,

Марына Шостак, старшыня Чашніцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў,

Андрэй Савельеў, член Чашніцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі Саюз афіцэраў».

         Размова ішла пра тое, як жывецца ў нас у краіне маладым людзям, якія толькі-толькі пачалі свой працоўны шлях. Інтэрв’ю для Чашніцкага раённага радыё далі некалькі чалавек з Оршы і Аршанскага раёна.

         Аліна Яткоўская, настаўнік біялогіі і хіміі ДУА «Гімназія № 1 г.Оршы» лічыць сябе патрыётам сваёй Радзімы. Дзяўчына казала пра тое, што вельмі любіць свой горад, таму пасля вучобы ва ўніверсітэце вярнулася сюды працаваць. Аліна зазначае, што любіць сваю прафесію, і ў гэтым вялікую заслугу бачыць педагагічнага калектыву і адміністрацыі гімназіі, якія робяць усё для таго, каб маладому спецыялісту працавалася камфортна. «Ва ўмовах узаемападтрымкі хочацца тварыць і аддаваць усе сілы, каб прынесці максімальную карысць сваёй краіне», — сказала дзяўчына.

         Задаволеныя сваім першым працоўным месцам Мікіта Багданаў і Ягор Чарняўскі, якія працуюць на прадпрыемстве ААТ «Тэхніка сувязі» ў г. Барань Аршанскага раёна. “Высокі ўзровень заробку, прысутнічае магчымасць зарабляць і больш. На прадпрыемстве наладжана настаўніцтва, многія моманты ў прафесійнай дзейнасці прыйшлося спасцігаць ужо на практыцы, таму вялізная падзяка старэйшым калегам, якія прыйшлі на дапамогу ў першы год працы, — адзначаюць хлопцы. Ёсць магчымасць кар’ернага росту, таму з задавальненнем застанемся працаваць на гэтым прадпрыемстве».

        У сельскагаспадарчай галіне працуе Раман Ганчароў. Малады чалавек прыехаў працаваць у ААТ «Маяк – Высокае» інжынерам па эксплуатацыі машынна – трактарнага парка. Раман адзначае, што адразу ж да яго праявілі ўвагу кіраўніцтва гаспадаркі і галіновы прафсаюз. Прапанавалі жыллё (хоць неабходнасці ў гэтым няма), прыемна здзівілі адпаведныя даплаты як маладому спецыялісту. Хлопец удакладніў, што ён пражывае ў г.Орша, але дзяцінства правёў у вёсцы ў бабулі і дзядулі, таму звыклы да сельскай працы. Праца падабаецца, заработную плату лічыць годнай для пачынаючага свой прафесійны шлях.

         Аднак быў і негатыўны водгук аб сваім першым працоўным месцы ў маладога чалавека, які працуе на адным з сяльгаспрадпрыемстваў Аршанскага раёна. Хлопец расказаў аб тым,што з жыллём яму ў гаспадарцы адмовілі, даводзіцца ездзіць з Оршы. Зарплата маленькая, яго праблемамі як маладога спецыяліста ніхто не цікавіцца. Прадстаўніка прафсаюза ён і ў вочы не бачыў. Жадання застацца ў гэтай гаспадарцы няма ніякага.

         Высновы напрошваюцца самі: дык хто ж вінаваты ў сітуацыі, калі моладзь збягае з вёскі?

         Да размовы з галоўным рэдактарам радыё далучыўся Вадзім Краўчанка, другі сакратар Аршанскага раённага камітэта ГА “БРСМ”. Малады чалавек уражаны экскурсіяй на завод керамзітавага гравію, кажа, што і не падазраваў, што ў нас у Беларусі ёсць прадпрыемствы такога маштабу.

         Уразіў забаўляльны цэнтр «Электрон», а менавіта тое, наколькі прадумана арганізавана дзейнасць гэтага аб’екта, — адзначыў Вадзім. У нас у Оршы дакладна няма такіх устаноў, якія б адначасова сумяшчалі і адпачынак, і забаўленне як для дзяцей, так і для дарослых, а таксама навучанне правілам бяспекі ад ратавальнікаў.

          Дыялогавай пляцоўкай скончылася работа форуму на Чашніччыне. Выказацца тут мог кожны . І выказваліся, дзяліліся меркаваннямі і праблемамі не найграна, а ад душы. Разважалі аб патрыятызме, але зноў-такі не пад прымусам, а таму што ў гэтых маладых людзей ужо ёсць адчуванне Радзімы, сваёй патрэбнасці ў грамадстве, адчуванне падтрымкі на першых этапах прафесійнага шляху. А значыць, з такой моладдзю Беларусь будзе ісці толькі наперад!

Связанные новости